МІ́НСКІ ГАЛО́ЎНЫ ПАШТА́МТ.

Пабудаваны ў 1949—53 у Мінску (арх. У.Кароль). Складаецца з 2 злучаных паміж сабой аб’ёмаў — асноўнага 4-павярховага П-падобнага ў плане, пастаўленага ўздоўж чырвонай лініі праспекта Скарыны, і прыбудаванага да яго тыльнага фасада (круглы ў плане, у выглядзе ратонды з купалам; дыяметр 30 м), дзе размешчана вял. аперацыйная зала. Гал. фасад будынка, арыентаваны на праспект Скарыны, мае сіметрычную кампазіцыю. Размешчаныя па ўсім фасадзе трохчвэртныя калоны вял. карынфскага ордэра, масіўныя формы цэнтр. аркі ўвахода з апорамі, якія значна выступаюць за межы плана і высокі раскрапаваны атык надаюць будынку манум. характар. У аздабленні фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаны прыродны камень, высакаякасная тынкоўка, ляпныя дэталі, вітражы з выявамі помнікаў архітэктуры Беларусі (1980, В.Позняк). Будынак — характэрны прыклад выкарыстання элементаў класічнай спадчыны ў архітэктуры Беларусі 1940—50-х г.

А.А.Воінаў.

Мінскі галоўны паштамт.

т. 10, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)